У Оршы пачалі ствараць новы мурал з выявай Уладзіміра Караткевіча. Яго размесцяць там жа, дзе раней знаходзіўся іншы малюнак з пісьменнікам, знішчаны падчас рамонту дома.
Чытайце таксама: У Оршы падчас рамонту знік мурал з Уладзімірам Караткевічам, створаны да яго 90-годдзя
Пра гэта паведаміла Віцебская Вясна.
Стары мурал знік падчас рамонту
Увесну гэтага года падчас рамонту дома №2 па вуліцы Марата ў Оршы знік мурал, створаны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.
Тарцавая сцяна будынка выходзіць на вуліцу, названую ў гонар пісьменніка-земляка. Менавіта на ёй аршанскі мастак Дзмітрый Талкачоў зрабіў вялікі малюнак з Караткевічам.

Пазней сцяну схавалі пад тэрмашубай, а разам з ёй знік і мурал. Яго знішчэнне выклікала незадаволенасць у мясцовых жыхароў, бо малюнак успрымалі не толькі як элемент гарадскога афармлення, але і як адну з адметнасцяў Оршы.
Цяпер на гэтым жа месцы з’явіцца новая праца.
Якім будзе новы малюнак
Завяршыць новы мурал плануюць да 26 лістапада — 96-годдзя Уладзіміра Караткевіча.
Над ім працуе мастачка Любоў Рабека, якая супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем Shakola art. У жанры муралаў яна працуе толькі другі год.
Новая праца будзе адрознівацца ад папярэдняй. Партрэт Караткевіча зробяць каляровым, а фонам стане прырода.

На старым мурале побач з партрэтам былі таксама выявы, звязаныя з творчасцю пісьменніка, і цытаты з яго твораў. Адзін з радкоў вырашылі захаваць — «Быў. Ёсць. Буду.»
Атрымоўваецца, пасля рамонту дома на вуліцы Марата ў Оршы зноў з’явіцца выява пісьменніка, толькі ўжо ў іншым мастацкім выкананні.
Дом Караткевіча ў Рагачове ўсё яшчэ чакае ўвагі
Пытанні да таго, як у Беларусі захоўваюць месцы, звязаныя з Уладзімірам Караткевічам, узнікаюць не толькі ў Оршы.
Раней у сацыяльных сетках беларусы абурыліся занядбаным станам дома ў Рагачове, дзе пісьменнік жыў і працаваў. Беларуска Юлія наведала горад, зняла будынак на відэа і распавяла, што не змагла спакойна прайсці міма яго: «Сёння, праходзячы міма, не змагла стрымаць абурэння. Ну як так?! Мы павінны захоўваць такія крохкія нітачкі нашай гісторыі, а насамрэч дом, у якім жыў і тварыў пісьменнік, апынуўся ў такім занядбанні!»

Дом быў пабудаваны ў 1914 годзе дзедам Караткевіча Васілём Грынкевічам. У дзяцінстве будучы пісьменнік прыязджаў сюды на летнія канікулы да бабулі Людмілы Барысевіч, а пазней праводзіў у Рагачове па некалькі месяцаў.
Тут у яго быў уласны пакой, дзе ён працаваў над творамі. У доме былі напісаныя «Ладдзя Роспачы», «Сівая легенда», «Віно дажджоў», а таксама значныя часткі раманаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Юлія адзначала, што цяпер цяжка паверыць, што гэты будынак калісьці быў месцам, дзе ствараліся вядомыя творы беларускай літаратуры.
«Сёння, гледзячы на гэты дом, які паступова разбураецца, цяжка паверыць, што менавіта тут ствараліся творы вялікага беларускага пісьменніка. Мясцовыя жыхары ўжо шмат гадоў мараць адкрыць тут дом-музей Караткевіча. Але нічога не адбываецца».
Стварэнне музея абмяркоўвалі яшчэ ў 2019 годзе
Ідэя стварыць у Рагачове мемарыяльны музей Уладзіміра Караткевіча з’явілася не цяпер.
Яшчэ ў 2019 годзе гэтае пытанне ўздымалі падчас прамой тэлефоннай лініі тагачаснага старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Адзін з жыхароў Рагачова прапанаваў ператварыць дом у музей і звяртаў увагу на тое, што будынак паступова прыходзіць у заняпад. Паводле яго слоў, людзі, якія там жывуць, маюць інваліднасць і не могуць належным чынам даглядаць дом.
Тады прапаноўвалася зрабіць тут музей, які мог бы стаць не толькі месцам захавання спадчыны Караткевіча, але і турыстычным аб’ектам. Таксама гучала прапанова ўсталяваць у Рагачове бронзавы помнік пісьменніку.
У райвыканкаме прызналі, што ідэя актуальная. Там нагадвалі, што імем Караткевіча ўжо названыя вуліца і цэнтральная бібліятэка Рагачова, а яго партрэт размешчаны на адным з гарадскіх будынкаў. Кіраўнік вобласці даручыў вывучыць магчымасць стварэння музея з улікам юрыдычных пытанняў і падкрэсліваў неабходнасць захавання памяці пра пісьменніка.
З таго часу прайшло амаль сем гадоў, але дом-музей так і не з’явіўся. На будынку ўсталявалі памятную шыльду з імем Караткевіча, аднак сам дом працягвае паступова разбурацца. Пры гэтым менавіта з ім звязаны важныя перыяды жыцця і творчасці пісьменніка, а сам Рагачоў мог бы выкарыстоўваць гэтае месца як частку літаратурнага і турыстычнага маршруту.
У Оршы тым часам вырашылі аднавіць прысутнасць Караткевіча ў гарадской прасторы пасля знікнення старога мурала. Новую працу плануюць скончыць да дня нараджэння пісьменніка.
Чытайце таксама: Што будзе далей са спадчынай паэткі Яўгеніі Янішчыц?
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: